I няма чалавека

16.02.22

Адмяняючы планы, спыняючы дых,
наступае канец – далікатна злачынны.
Я тану ў аглушальнай бязмоўнасці ўслых
і гляджу на люстэрка тваімі вачыма.

Пакідаючы страхі, нібы прыкрыццё,
наступае канец (верагодна, на горла),
і каханне – мацней за мяне і за ўсё –
не павінна памерці, а раптам памёрла.

Я хапаў твае сны і чамусьці губляў,
і прастора, як час, варушылася млява.
Я сябе падзяляў да прадметаў і з'яў,
каб ты болей ніколі мяне не губляла.

Мама зноў папярэджвала, каб уцякаў,
а яшчэ абяцала, што час супакоіць,
толькі я ў табе хутаўся, як у цісках,
бо адчуў, што наўрад ці адчую такое.

Я не мог уявіць, што каханне сыдзе,
што чужыя «ды не» празначаюць канец нам,
i пачатак канца ты не бачыш нідзе,
і не можаш паверыць, што так застанецца.

Я глядзеў нерухома, як ён надыйшоў,
мірыяды «прабач» прыцягнуйшы аднекуль.
Я губляю людзей з шамаценнем дажджоў:
быццам быў чалавек – і няма чалавека.

Гэта пустка квітнее ў мяне на грудзях
то рамонкамi слоў, то цярноўнікам болю.
Я згубіць цябе здолеў на веры ў працяг,
і працягваю верыць. Не веру, што здолеў.

Час разліўся прасторай, і боль карацей.
Быццам дзікі, з падзякамі цвікам і здзекам
я страляю ў сябе – а трапляю ў людзей:
быццам быў чалавек – і няма чалавека.